Название: PRO-КУЛЬТУРА
Автор: Радзько Нэлі
Издание : Новополоцк сегодня. - 2017. – 3 февр. - С. 16
Бібліятэка імя А.С.Пушкіна
Першымі пагукаць вясну вырашылі супрацоўнікі бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. У межах аўтарскага праекта “Чытай са мной па-беларуску” яны завіталі ў дзіцячую паліклініку. Тэмай сустрэчы з маленькімі наведвальнікамі медыцынскай установы сталі птушкі. Праз знаёмства з вершамі беларускіх аўтараў бібліятэкары расказалі дзецям, якімі бываюць маленькія прадстаўнікі фауны і што для нашых продкаў азначаў сімвал птушкі.
Бібліятэка імя С.Маршака
Прэзентацыяй юбілейнага альманаха сваё 90-годдзе адзначыла Полацкае народнае літаратурнае аб’яднанне “Наддзвінне”. Паслядоўнікі Скарыны – а менавіта так называюць сябе “наддзвіньеўцы” – свята зберагаюць слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў – славутых беларускіх пісьменнікаў Пятруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна. Сёння пад кіраўніцтвам члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Балдоўскага ў яго складзе плённа працуе шмат новапалачан. Найбольш вядомыя з іх Валянціна Сопікава, Дзмітрый Маскаленка, Ірына Еўдакімовіч, Ала Іванова.
Бібліятэка №8 (г.п.Баравуха)
У ДМШ №3 супрацоўнік бібліятэкі Людміла Хоміч заўсёды жаданы госць. Вось ужо другі год запар Людміла Міхайлаўна вядзе з навучэнцамі мастацкага аддзялення ўстановы цыкл цікавых пазнавальных размоў “Казкі карціннай галерэі”. Героямі яе аповедаў выступаюць знакамітыя жывапісцы розных краін і эпох. Выбар тэмы абумоўлены святочнай датай – юбілеямі мастакоў. 2017 год пачаўся з размовы аб адным з пачынальнікаў французскага імпрэсіянізму Эдуардзе Мане і аб рускім майстры пейзажа Іване Шышкіне. Мінулы месяц быў адзначаны 185-годдзем з дня нараджэння гэтых вялікіх творцаў.
