Название: PRO-культура
Автор: Радзько Нэлі
Издание : Новополоцк сегодня. – 2017. – 1 сентября. - С. 16.
Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма
У Наваполацкай ЦБС падвялі вынікі штогадовага унутрысістэмнага конкурсу прафесійнага майстэрства. Да разгляду камісіі былі прадстаўлены матэрыялы з творчымі напрацоўкамі галоўнага бібліятэкара аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі імя У.Маякоўскага Ірыны Рыхлёнак, бібліёграфа дзіцячай бібліятэкі-філіяла №3 імя С.Маршака Наталлі Кудлык, бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі-філіяла №4 імя А.Пушкіна Юліі Харытонавай. Пры падрыхтоўцы конкурсных работ усе намінанты паказалі высокі прафесіяналізм.
Па выніках галасавання лепшай стала Юлія Харытонава. У бібліятэчнай сістэме Юлія Мікалаеўна працуе трэці год. Паралельна вучыцца на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржуніверсітэта. Творчая i дасціпная, яна з цікавасцю ставіцца да ўсяго новага, арганізуе i праводзіць шэраг мерапрыемстваў для розных катэгорый чытачоў. Асабліва багатым на імпрэзы i перамогі для Юліі стаў мінулы год. Сапраўдны поспех сярод маленькіх чытачоў атрымаў квэст па матывах творчасці нямецкага пісьменніка О.Пройслера «Падарожжа па зачараваным лесе», які малады бібліятэкар падрыхтавала сумесна з загадчыцай чацвёртага філіяла Кацярынай Цімафеевай. А на абласным конкурсе відэаролікаў, прысвечаным пісьменнікам-юбілярам, праект Юліі Мікалаеўны «Нізка голаў скланяю юнача», прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка М. Багдановіча, заваяваў другое месца. У бягучым годзе малады спецыяліст правяла больш за 120 мерапрыемстваў разнастайнага кшталту.
