Название: Святло кнігі
Автор: Радзько Нэлі
Издание : Новополоцк сегодня. – 2017. – 8 августа. - С. 1, 6.
Шостага жніўня споўнілася 500 год з дня, калі ў Празе пабачыла свет першая друкаваная кніга на старажытнай беларускай мове – “Псалтыр”. Яе выдаў наш земляк – палачанін Францыск Скарына. Даступнасць чытання прынесла людзям магчымасць шукаць інфармацыю і самастойна аналізаваць яе. Эпоха кнігадрукавання стала прадвеснікам з’яўлення газет, радыё, тэлебачання і інтэрнэта.
Нягледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій, кніга і сёння з’яўляецца асноўнай крыніцай ведаў. Да яе звятаюцца школьнікі, студэнты, навукоўцы, даследчыкі і простыя аматары чытання. У кожнага свае запатрабаванні і густ. Сакрэтамі навігацыі ў бясконцым інфармацыйным патоку, яго класіфікацыяй, апрацоўкай і сістэматызацыяй валодаюць прадстаўнікі адной з самых паважаных прафесій у свеце – бібліятэкары. Першыя крокі на шляху знаёмства з тонкасцямі гэтай справы робяць маладыя спецыялісты цэнтралізаванай біблітэчнай сістэмы г.Наваполацка Алена Кісель і Аляксандра Цюрына.
На працу ў бібліятэку-філіял №2 імя К.Сіманава ўраджэнка вёскі Валынцы Верхнядзвінскага раёна Аляксандра Цюрына прыйшла пасля заканчэння факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. “Уважлівая да запатрабаванняў чытача, хуткая на пад’ём, напоўненая цікавымі творчымі ідэямі і жаданнем працаваць”, - так характэрызуе загадчыца другога філіяла Таццяна Пятрага сваю новую супрацоўніцу. Першы прафесійны вопыт Аляксандра атрымала яшчэ ва ўніверсітэце – праходзіла працоўную практыку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. З вялікай павагай дзяўчына ставіцца да гісторыі родных мясцін, ўдзельнічае ў краязнаўчых экспедыцыях па Беларусі, займаецца спортам. Яшчэ школьніцай яна неаднаразова прадстаўляла родную мясцовасць на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, а падчас вучобы ва ўніверсітэце была адной з лепшых у складзе моладзевага атрада правапарадку грамадскай арганізацыі БРСМ.
З першага жніўня да працы ў бібліятэцы-філіяле №3 імя С.Маршака прыступіла яшчэ адна выпускніца ўніверсітэта культуры – Алена Кісель. Алена нарадзілась і вырасла ў чароўным вішнёвым краі, знакамітым свамімі азёрамі і велічнымі храмамі, - горадзе Глыбокае. З дзяцінства была вельмі творчай натурай. Дзяўчына мае добрую музычную адукацыю, займаецца народнымі танцамі і фатаграфіей. Любіць падарожнічаць і вывучаць архітэктуру. Усебаковыя таленты Алены праявіліся ва ўніверсітэце. Разам з аднагрупнікамі яна арганізоўвала цікавыя культурныя імпрэзы, праводзіла акцыі для дзяцей, ўдзельнічала ў стварэнні відэарэпартажа пра знакамітага беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча ХІХ стагоддзя Караля Чапскага. “Мэтанакіраваная дзяўчына, валодае добрымі ведамі і жаданнем спасцігнуць асаблівасці бібліятэчнай справы”, - гаворыць пра свайго маладогоа спецыяліста загадчыца бібліятэкі імя С.Маршака Таццяна Хватынец.
Аляксандра і Алена – розныя, але іх яднае любоў і павага да кнігі.
