Название: PRO-культура
Автор: Радзько Нэлі
Издание : Новополоцк сегодня. – 2017. – 4 августа. - С. 16.
Бібліятэка імя Я.Коласа
Сучасная публічная бібліятэка – гэта не толькі паўнавартасныя інфармацыйныя рэсурсы, свабодны доступ да іх, але і камфортнае асяроддзе для чытачоў: з “шумнымі” и “ціхімі” зонамі, з адкрытымі вялікімі прасторамі-пляцоўкамі і асобнымі кабінетамі, з маленькімі чытальнымі заламі, дзе можна адасобіцца ў “запаветным” кутку на абанеменце. Супрацоўнікі філіялаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы нашага горада адчуваюць запатрабаванні сучаснасці і смела крочаць насустрач зменам.
З мэтай пашыраць межы прастораў “храма кнігі” бібліятэка імя Я.Коласа запусціла новы цыкл прома-акцый “Бібліятэка без сцен”.
З надыходам цёплага надвор’я супрацоўнікі ўстановы зладзілі імправізаваны “Кніжны дворык” на свежым паветры, дзе прапаноўвалі жыхарам горада творы на любы густ – ад рамана да фантастыкі. Прыемным дадаткам да цікавага чытва стаў падарунак-закладка з дэвізам акцыі: “Кніга не ведае межаў!”. Для аматараў перыядычнага друку працавала “лаўка часопісаў”. Зручна ўладкаваўшыся на лавачцы, наведвальнікі маглі пазнаёміцца з апошнімі навінкамі сучаснай прэсы.
