Автор: Радзько Нэлі
Издание: Новополоцк сегодня. – 2024. –4 окт. – С. 16. – (Дайджест).
Дзень ведаў бывае не толькі ў школе, але і ў бібліятэцы. Спецыяльна для сваіх юных наведвальнікаў два філіялы ЦБС правялі мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года.
Удзельнікамі яркага касцюміраванага “Свята Буквара” ў бібліятэцы імя С.Маршака сталі навучэнцы СШ №12. Супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі для іх сапраўдную тэатралізаваную пастаноўку па матывах казкі “Залаты ключык.”. Сустракалі юных гараджан хітры кот Базіліа і знаходлівая ліса Аліса. У іх кампаніі дзеці адправіліся на “Поле цудаў”, дзе дэманстравалі свае веды і кемлівасць. Карабас Барабас прапанаваў хлопчыкам і дзяўчынкам паўдзельнічаць у гульні “Маскі”, а пацешны Дурамар – адгадаць назвы казак. Але сапраўдным героем свята стаў Бураціна, які нагадаў, што вучыцца не толькі карысна, але і цікава.
Тым часам бібліятэка імя А.С.Пушкіна арганізавала для першакласнікаў СШ №14 і СШ №2 імя Я.А.Трапезнікавай свята пасвячэння ў вучні. На імправізаваным цягніку дзеці адправіліся ў краіну ведаў. Каб набыць квіткі, ім неабходна было назваць па адным прадмеце школьных прылад, а для праходжання станцый – узгадаць правілы з розных галін ведаў. Суправаджаў падарожнікаў Кот вучоны. Напрыканцы мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі “пасадзілі” дрэва сяброўства і атрымалі сімвалічныя сувеніры ад сваіх класных кіраўнікоў.
