ru Russian be Belarusian

У дзёрзкім, адважным і смелым палёце…

26 Jul,2022
блог собакифонари охота

Назва: У дзёрзкім, адважным і смелым палёце…

Аўтар: Галіна Сташкевіч, заснавальнік і кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы”

Выданне: Літаратура і мастацтва. – 2022. – 8 ліпеня. – С. 15.

 

Сёлета 20-годдзе з дня заснавання народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы” дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сітэма горада Наваполацка”. Стваральнік і кіраўнік – аўтар гэтых радкоў Галіна Сташкевіч.

 

Трэба нагадаць, што два дзесяцігоддзі таму распаліся наваполацкія “Крыніцы”, і многія літаратары шкадавалі, што няма дзе збірацца. Па маёй ініцыятыве 16 красавіка 2002 года мы ўпершыню сабраліся ў дзіцячай бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна, дзе я ў той час працавала бібліятэкарам чытальнай залы і вяла Пушкінскую літгасцёўню для старшакласнікаў. Каб зрабіць яе больш цікавай і разнастай, для падлеткаў і юнакоў часта ладзіла творчыя сустрэчы з паэтамі, празаікамі, бардамі – так былі зроблены першыя крокі да стварэння аб’яднання “Крылы”. Пра культурныя падзеі, якія адбываліся ў нашым горадзе, я пісала шмат публіцыстычных артыкулаў у рэгіянальныя газеты. З-пад майго пяра выходзілі і лірычныя замалёўкі, апавяданні, вершы, афарызмы. Шукала аднадумцаў.

Да літаратурнай часткі аб’яднання ледзь не адразу далучыліся і музыканты (потым прыйшлі да нас і тыя, хто добра выконвае песні і рамансы; хто іграе на фартэпіяна, скрыпцы, мандаліне). Па прапанове паэта-барда Міхаіла Зудзілава, калектыў атрымаў назву “Крылы”– увасабленне палёту думак, вобразаў, ідэй. Дэвізам служаць радкі з Пушкінскага верша “Пророк”: “Глаголом жги сердца людей”. Эмблемай з’яўляецца чароўны конь Пегас – як сімвал паэтычнага натхнення. Ёсць у нашага калектыву і гімн, яго аўтар – Тамара Талкачова. Мы сустракаліся кожны аўторак – больш за пятнаццаць гадоў!

Потым, па прапанове дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марыі Караваевай, са студзеня 2018 года я стала здзяйсняць дзейнасць кіраўніка літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылья” пры цэнтральнай бібліятэцы імя У.Маякоўскага. У штогадовай рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі” ў 2018 годзе гэтае званне атрымаў Наваполацк, таму ў цэнтральнай бібліятэцы былі праведзены літаратурныя сустрэчы з вядомымі пісьменнікам. Адкрываў цыкл гэтых мерапрыемстваў наш знакаміты зямляк, яскравы творца Навум Гальпяровіч. Бралі ўдзел у мерапрыемствах Таццяна Жылінская, Людміла Хейдарава і іншыя мінчане. У рамках акцыі прайшлі імпрэзы з удзелам наваполацкіх аўтараў, сярод якіх былі Тамара Талкачова і Іна Саламаха.

На працягу дваццацігадовага творчага шляху літаратурна-музычнага аб’яднання адбылося больш за пяцьсот культурна-масавых мерапрыемстваў. Прыемна адзначыць, што добры водгук атрымлівалі і мае вечарыны-імпрэзы. “Крылы” неаднаразова станавіліся пераможцамі рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных аглядаў, конкурсаў, фестываляў. У творчай скарбонцы маюцца самыя розныя ўзнагароды. Іх ужо і не злічыць! Помняцца першыя перамогі ўдзельнікаў калектыву: у 2003 годзе – дыпламанты Віцебскага абласнога конкурсу “Які цудоўны гэты свет”, у 2004 годзе – лаўрэаты Віцебскага абласнога конкурсу “Беларусь – мая песня!”. У 2005 годзе атрымалі званне “Народны калектыў”. У 2010 годзе аб’яднанне – лаўреат абласнога свята-конкурсу “Песняры Прыдзвінскага краю”, аўтар гэтых радкоў тады ж стала лаўрэатам прэміі “Прызнанне” ў галіне мастацтва і культуры Наваполацкага гарвыканкама. У 2011 годзе “Крылы” прымалі ўдзел у міжнародным фестывалі-конкурсе “Наша Двина – наша судьба” (Расія), у якім Іна Мароз перамагла ў намінацыі “Паэзія”. У 2012 годзе Тамара Талкачова ўзнагароджана медалём “За заслугі” Наваполацкага гарвыканкама.

Чатыры разы “Крыы” ўдзельнічалі ў Віцебскім абласным свяце-конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”, які перыядычна праходзіць у жывапісным мястэчку Лёзна. У Наваполацк мы заўсёды вярталіся з багатым “сунічным ураджаем” – усяго прывезлі пятнаццаць дыпломаў. У 2021 годзе ў Рэспубліканскім конкурсе творчых работ “За што я люблю родную мову” Ірына Вашчанка атрымала дыплом пераможцы ў намінацыі “Магутная сіла паэзіі”. У 2022 годзе лаўрэатамі Міжнароднага літаратурнага конкурсу “Славянскі калейдаскоп” сталі маладыя “крылаўцы” Юлія Загнетава і Маргарыта Змітровіч.

Кожны ўдзельнік калектыву – наш гонар і слава! Двое з іх прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі: у 2007 годзе – Тамара Талкачова, у 2021 годзе – Іна Саламаха. Ганарымся мы і поспехамі Галіны Худніцкай, Ларысы Сакарэнка, Алёны Штукінай, Ганны Аляскеравай, Феніі Грынёвай, Юліі Загнетавай, Міхаіла Зудзілава, Вадзіма Саўрова. . .

У 2006 годзе “крылаўцы” падтрымалі мяне яшчэ з адным праектам – стварэнне серыі кніг “Паэтычная бібліятэчка “Крылаў” (мастак-афарміцель – Галіна Худніцка). За гэты перыяд былі падрыхтаваныя да друку кнігі Ганны Аляскеравай, Вячаслава Атрахімовіча, Венядзікта Грынёва, Аляксандра Шыпілы . . . Многія аматары за гэты час сталі прафесіяналамі. Ужо і ў самой напісана не на адну кніжку, але, як кажуць, “шавец без ботаў”. З лірычнымі творамі і апавяданнямі неаднаразова была прадстаўлена на старонках “ЛіМа”, а таксама ў регіянальных перыядычных выданнях.

За два дзесяцігоддзі адбылося шмат самых розных падзей, вынікам якіх стаў юбілейны канцэрт-справаздача ў зале мастацтваў цэнтральнай бібліятэкі імя У.Маякоўскага. Больш падрабязна пра гэтае мерапрыемства (як і пра асноўную дзейнасць калектыву) можна даведацца на старонцы “Літаратурна-музычнае аб’яднанне “КРЫЛЫ”, якую я вяду з сакавіка 2005 года ў сацыяльнай сетцы Facebook ( https://www.facebook.com/wings.novopolozk).

Я адчуваю вялікую асалоду ад таго, што на працягу шматлікіх гадоў наш калектыў знаходзіцца ў дзёрзкім, смелым і адважным палёце сваіх думак, мараў, фантазій, вобразаў, ідэй!

 

ГАЛІНА СТАШКЕВІЧ, заснавальнік і кіраўнік

літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылья”

ДУК “ЦБС горада Наваполацка”

Прочитано 284 раз(а)
Оценить
голос(ов)
Еще в этой категории: « Акцыя, Выстава Арт-гадзіна »

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите всю необходимую информацию, указанную звездочкой (*). HTML код не допускается.

You are here:   HomeО нас Библиотеки в СМИСсылки бокового менюНа журнальной орбите