Название: PRO-культура
Автор: Радзько Нэлі
Издание: Новополоцк сегодня. – 2021. – 16 июля. - С. 16.
Конкурсы
У спякотнае надвор’е самы час завітаць у прахалодныя залы дзіцячых бібліятэк. Тым больш што тут шмат цікавага!
Для дзяцей арганізаваны настольныя гульні, паказы мультфільмаў, мастацкіх фільмаў, знятых па сюжэтах знакамітых кніг, творчыя спаборніцтвы. Дарэчы, апошнія заслугоўваюць асабістай увагі. У бібліятэцы імя С.Маршака да 30 жніўня праходзіць конкурс летняга чытання “Усміхнуліся кніжкі – да нас прыйшлі дзеткі”. Удзел у ім могуць прыняць хлопчыкі і дзяўчынкі з 7 да 12 гадоў. Пераможцаў чакаюць прызы.
А бібліятэка імя А.С.Пушкіна запрашае школьнікаў і дашкалят да ўдзелу ў конкурсе “Чытайце самі, чытайце з намі”, які прымеркаваны да Года народнага адзінства. Умовы простыя – прачытаць як мага больш кніг пра Беларусь. За кожны твор канкурсант атрымлівае стыкар, які прымацоўвае на спецыяльнае дэкаратыўнае дрэва. Той, хто збярэ найбольшую колькасць налепак да канца лета, атрымае падарунак.
Чытай-дворык
Так называецца творчы праект бібліятэкі імя У.Караткевіча, які штогод радуе дзяцей цікавымі мерапрыемствамі падчас летніх канікул.
У чытальнай зале пад адкрытым небам хлопчыкам і дзяўчынкам прапануюць настольныя гульні, крыжаванкі і галаваломкі, казачныя віктарыны, прагляд любімых часопісаў, пазлы, пантамімы і маляванкі. “Чытай-дворык” працуе кожны другі і чацвёрты чацвер летніх месяцаў (з 14.00 да 15.00) на дзіцячай пляцоўцы ў двары па вуліцы Маладзёжнай, 173.
Перамогі
У Лёзна прайшло ХІІІ абласное свята-конкурс “Песні сунічных бароў-2021”, прысвечанае Году народнага адзінства. Удзел у ім прынялі каля 40 самадзейных паэтаў і кампазітараў з 20 рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Сярод іх і новапалачане.
Упершыню конкурс прайшоў у фармаце свята аўтарскай песні ў 1998 годзе на базе Дома культуры аграгарадка Дабрамыслі. У 2009-м годзе атрымаў статус абласнога, а з 2014-га стаў правадзіцца ў г.п.Лёзна і фактычна ператварыўся ў міжнародны – на яго прыязджалі не толькі літаратары з Беларусі, але і госці з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны.
Народнае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Крылы” цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г.Наваполацка на гасцінную лёзненскую зямлю адправілася ў чацвёрты раз. Як адзначыла яго кіраўнік Галіна Сташкевіч, за гэты час “крылаўцы” сабралі багаты “сунічны ўраджай” узнагарод у розных намінацыях. На першую прыступку п’едэстала паднімалася Яўгенія Букоціна-Ісупава, на трэцюю – Алена Штукіна. А на асабістым рахунку Інгы Мароз – Гра-пры конкурсу “Песні сунічных бароў”.
У гэтым годзе работа самога калектыву была адзначана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені. За ўдзел у абластным свяце заахвоцілі Вадзіма Саўрова, Галіну Сташкевіч, Алену Штукіну.
