Майстар слова

25 May,2023
блог собакифонари охота
Майстар слова

У цэнтральнай бібліятэцы імя У.Маякоўскага 23 мая ладзіўся канцэрт-памяць па творчасці Ю.В.Касцюка – вядомага наваполацкага літаратара, журналіста, першабудаўніка Нафтаграда. Канцэрт быў прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Юрася Васільевіча і прайшоў пад знакам 65-годдзя Наваполацка.

Юрась Касцюк быў сярод удзельнікаў літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы”, са сваімі вершамі і апавяданнямі шмат выступаў на розных літаратурных пляцоўках калектыву. Кіраўнік аб’яднання “Крылы” Галіна Сташкевіч узгадала на вечарыне найбольш яркія моманты з працоўнага і творчага жыцця юбіляра.

У выкананні Наталлі Арцёменка прагучаў цыкл вершаў Юрася Касцюка “Мой горад – мая біяграфія”, “Наваполацку”, “Ветэранам”. Яго яго вершы “Усё сваё”, “Позняе каханне” і верш “Бульбонія”, які ў свой час прынёс перамогу аўтару ў рэспубліканскім літаратурным конкурсе, чытала Фенія Грынёва.

Не пакінула абыякавым паэта тэма Вялікай Айчыннай вайны. Пра яго пакаленне кажуць: дзіця вайны. Шчымліва, душэўна і балюча напісаны ім ваенныя вершы. Да верша “Балада пра маці” звярнуўся Павел Павелковіч – прыхільнік яго творчасці, начальнік цэха № 007 ААТ “Нафтан”. У выкананні Міхаіла Зудзілава прагучала песня, напісаная ім на верш “Мы – салдаты” Юрася Касцюка. Добрую ўсмешку ў гледачоў выклікала песня “Клёцачка”, якую таксама аздобіў музыкай і выканаў Міхаіл Зудзілаў. З цікаўнасцю прысутныя паслухалі ў аўдыёзапісу лірычныя песні “Дарога кахання”, “Надзея”, “Абое рабое”, напісаныя на вершы паэта Паўлам Сляпцовым. Меладэкламацыяй прагучаў верш “Першае каханне” ў выкананні Алены Штукінай. Упрыгожылі вечарыну песні “А мне ніяк не наглядзецца…”, “Ты”, напісаныя на вершы паэта і выкананыя Ірынай Вашчанка.

На працягу вечарыны звярталася да твораў пісьменніка і Галіна Сташкевіч, якая ўзгадала яго вершы “Каб змагла”, “Ты мне паэзію вярнула…”, “Вершы ствараюцца сэрцам” і лірычную замалёўку “Адкрыццё”. Апошнім штрыхом канцэрта стаў верш “Малітва” Юрася Касцюка, які прачытала яго ўнучка – Аліна Касцюк. У зале таксама прысутнічалі дзеці Юрася Васільевіча Касцюка – сын Андрэй і дачка Наталля, якія выказалі вялікую ўдзячнасць за тое, што помняць іх бацьку.

Больш падрабязна пра гэта мерапрыемства на старонцы літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы” (Facebook).

Прочитано 428 раз(а)
Оценить
голос(ов)