Нечат этой страницы

Сорак год побач

29 Nov,2018
блог собакифонари охота

Название: Сорак год побач

Автор: Радзько Нэлі

Издание: Новополоцк сегодня. – 2018. – 27 ноября. - С. 5.

 

У лістападзе свой юбілей святкуе дзіцячая бібліятэка-філіял №4 імя А.С.Пушкіна, якая ўпершыню адкрыла свае дзверы юным чытачам у 1978 годзе.

Дарэчы, «сяброўства» з выдатным рускім пісьменнікам Аляксандрам Сяргеевічам завязалася значна пазней заснавання - у 1985 годзе, пасля таго як установа пераехала з невялічкага пакойчыка па адрасе Маладзёжная, 21 у сучасныя прасторы па вуліцы Юбілейнай, 1. Як змянялася і чаго дасягнула за гэты працяглы час адна з любімых юнымі гараджанамі бібліятэк - у размове з загадчыцай установы Таццянай Варанец:

 Бібліятэкары - добрыя архіварыусы. Усё памятаюць і ашчадна зберагаюць. Згодна вашым жа летапісам чацвёрты філіял ЦБС з пачатку свайго існавання налічваў усяго «...10 000 экзэмпляраў кніг. За першы год бібліятэку наведалі 400 чытачоў, якім было выдадзена каля 2500 асобнікаў... ». Чым пахваліцеся сёння?

- 3 таго часу усё змянілася. Сёння чытачамі бібліятэкі-філіяла з'яўляюцца 3500 новапалачан. Да іх патрэбы больш за 50000 кніг, перыядычных выданняў і матэрыялаў на электронных носьбітах. Штогод мы праводзім каля 300 разнастайных мерапрыемстваў. У рамках творчай праграмы для дашкольнікаў «Расток» бібліятэкары штотыдзень знаёмяць юных новапалачан з творамі лепшых дзіцячых пісьменнікаў, праводзяць віктарыны і пазнавальныя квэсты. Для дзяцей з абмежаванымі здольнасцямі і тых, хто часова знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, рэалізуецца праграма «Сонейка». Вялікую папулярнасць атрымаў праект па прыцягненні цікавасці дзяцей да роднай культуры «Чытай са мной па-беларуску», дзе маленькія новапалачане з карысцю бавяць час, чакаючы сваёй чаргі да ўрача ў дзіцячай паліклініцы. Не забываемся мы і пра школьнікаў. Найбольш шчыльна працуем з навучэнцамі СШ №№ 1, 2, 3, БШ №10, гімназіі №1. Створаны і паспяхова працуе літаратурна-экалагічны клуб «Пралеска». 3 гэтага года пачала сваю работу праграма па творчасці Аляксандра Сяргеевіча «Пушкініяна».

Наша бібліятэка мае шэраг узнагарод. Сярод апошніх - дыплом Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта «За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Лепшая дзіцячая бібліятэка» і дыплом пераможцы штогадовага ўнутрысістэмнага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства ЦБС у намінацыі «Лепшая бібліятэка».

А што ўдалося рэалізаваць у рамках рэспубліканскай акцыі «Наваполацк - культурная сталіца Беларусі 2018»?

- У гэтым годзе мы зрабілі асноўны акцэнт на правядзенне квэстаў самай рознай тэматыкі. У ліпені падвялі вынікі конкурсу відэаролікаў «Я чытаю Пушкіна», які быў заяўлены як міжнародны і праходзіў у рамках галоўнага гарадскога праекта года «Лілея сяброўства». У межах рэалізацыі культурнай акцыі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы «Літаратурныя сустрэчы ў сталіцы» да нас завіталі знакамітыя беларускія пісьменнікі Надзея Ясмінска і Міхась Пазнякоў, якія пішуць для дзяцей. Напярэдадні Дня горада ў нашай бібліятэцы прайшла прэзентацыя зборніка вершаў наваполацкіх аўтараў «Крыніца майго натхнення».

Наступны год таксама асаблівы для вас. Ён пройдзе пад знакам 220-годдзя з дня нараджэння «генія рускай паэзіі». Як будзеце святкаваць? Ведаю, у вашай бібліятэцы ёсць нават музей, прысвечаны Пушкіну?

- Так, з 2001 года на нашай базе існуе «Пушкінскі музейны пакой». Яго кніжны фонд налічвае каля 2500 тысяч асобнікаў. Калекцыя збіралася некалькі год. Каля 20 кніг нам перадаў знакаміты наваполацкі літаратар Анатолій Бясперстых. Самы каштоўны экзэмпляр музея «Пушкінскі збор сачыненняў», выдадзены у 1899 годзе Міністэрствам фінансаў Расійскай імперыі. А самы незвычайны - маленькая кніжыца з вершам «Ахоўвай мяне, мой талісман» памерам усяго 2 сантыметры. У гэтым годзе некалькі рарытэтных асобнікаў нам перадала бібліятэка-філіял №8 г.п.Баравуха. Сярод іх - «Пушкін у музыцы», «Набярэжная Мойкі, 12», «Пушкін і дзекабрысты» і іншыя.

Апошнія гады бібліятэкары вашай установы не саступаюць лідэрства ў конкурсе ЦБС «Лепшы бібліятэкар года». Падзяліцеся сакрэтам поспеху.

- У нас працуюць па-сапраўднаму адданыя бібліятэчнай справе спецыялісты. Калектыў налічвае ўсяго 6 чалавек. Гэта Дар'я Лугавая, Аляксандра Гарначова, Марына Багушонак і Наталля Яфрэмава, працоўны стаж якой складае ўжо 30 год. Па адзнаках кіраўніцтва ЦБС, нашы працаўнікі неаднаразова прызнаваліся лепшымі бібліятэкарамі. У гэтым годзе прызнанне атрымала бібліятэкар чытальнай залы Таццяна Мятлюк. Таццяна Леанідаўна не толькі прафесіянал, але і таленавіты чалавек. Яна робіць відэапрэзентацыі, вядзе сацыяльныя сеткі, піша сцэнарыі да нашых мерапрыемстваў, займаецца выдавецкай дзейнасцю. Мае выключны мастацкі густ.

Таццяна Валер'еўна, месяц заснавання бібліятэкі цудоўным чынам супаў з вашым асабістым днём нараджэння. Як лёс звязаў вас з гэтай установай?

- Пэўна так было наканавана. Мая маці ўсё жыццё працавала ў бібліятэцы вёскі Сакалоўшчына Верхнядзвінскага раёна, адкуль я родам. Гэтую прафесію для сябе абралі мае родныя цёткі і стрыечная сястра. У Наваполацк я прыехала ў 1998-м. Размеркавалася ў бібліятэку імя А.С.Пушкіна. Працавала тут 15 год. Потым перайшла ў трэці філіял ЦБС. Спачатку была галоўным бібліятэкарам, а пасля ўзначальвала аддзел абслугоўвання. У мінулым годзе зноў вярнулася ў любімую бібліятэку, але ўжо у якасці загадчыцы.

 

Прочитано 486 раз(а)
Оценить
голос(ов)