Название: Роздум пра слова
Автор: Радзько Нэллі
Издание : Новополоцк сегодня. – 2018. – 4 мая. – С. 13.
Напрыканцы красавіка культурную сталіцу Беларусі наведала вядомая пісьменніца, драматург, перакладчык, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі «Саюз пісьменнікаў Беларусі», лаўрэат абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, літаратурных прэмій Тамара Краснова-Гусачэнка. Творчы вечар паэткі прайшоў у цэнтральнай бібліятэцы імя У. Маякоўскага.
Размову з чытачамі Тамара Іванаўна пачала з разважанняў пра культуру, павагу да роднага краю, прызначэнне чалавека на зямлі. «Ад працы і ўчынкаў кожнага з нас залежаць будучае Айчыны, яе дабрабыт. Я таксама адчуваю гэту адказнасць. На мой погляд, паэт прызваны пісаць такія творы, якія б выхоўвалі дасведчаную асобу з высокай грамадзянскай пазіцыяй», - адзначыла пісьменніца.
Вечнасць, жыццё і зноўку вечнасць. А паміж імі - малітва-зварот да сябе. Як у паўсядзённых клопатах прыпыніцца і падумаць - навошта мы прыходзім у гэты свет? Як змагацца з душэўнай адзінотай? Мілагучныя, трапкія словы паэтычнага зборніка Тамары Красновай-Гусачэнка «Жыццё - мая малітва» звяртаюць чалавека да адвечнай існасці, дапамагаюць знайсці і вымавіць сваю малітву.
Своеасаблівай справаздачай 50-гадовай літаратурнай дзейнасці знакамітай беларускай паэткі стала кніга «Са мной гаворыць вечнасць...», якая зусім нядаўна пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Сегмент». Большую яе частку складаюць артыкулы лінгвістаў, публіцыстаў, пісьменнікаў, прысвечаныя багатай літаратурнай спадчыне Тамары Іванаўны. Некалькі вершаў з новага выдання аўтар зачытала наваполацкім чытачам. Падчас сустрэчы яна шчыра дзялілася сваёй творчасцю, асабістымі ўспамінамі пра дзяцінства, бацькоў, выдадзеныя кнігі, узнагароды, цікавыя культурніцкія акцыі, сустрэчы, якіх за доўгі лёс было нямала. У красавіку Тамары Красновай-Гусачэнка споўнілася 70 гадоў. 3 асабістым юбілеем старшыню Віцебскага абласнога Саюза пісьменнікаў Беларусі павіншавала дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Наваполацка Марыя Караваева.