У Год беларускай жанчыны асабліва важна адзначыць ролю беларускіх жанчын у захаванні традыцыйнай культуры. Бібліятэка імя У.Караткевіча запрашае ўсіх жадаючых наведаць беларускую выставачную кампазіцыю ”Традыцыі ў жаночых руках“. Экспазіцыя прысвечана ролі жанчыны як захавальніцы народных рамёстваў, сямейных каштоўнасцей і культурнай спадчыны нацыі.
Жанчыны стваралі ручнікі, вопратку і абрусы з сакральнымі арнаментамі, якія служылі абярэгамі для сям’і. Менавіта жаночыя і дзявочыя галасы гучалі падчас жніва, на вяселлях і іншых святах. Рэцэпты традыцыйных страў — ад беларускага хлеба да розных прысмакаў — перадаваліся ад маці да дачкі. Дзяцей з маленства вучылі павазе да роднага слова, прыродзе і працы праз калыханкі, казкі, прымаўкі, якія спявалі і расказвалі жанчыны.
На беларускай кампазіцыі ”Традыцыі ў жаночых руках“ можна пазнаёміцца з літаратурай пра ткацтва, вышыўку, выцінанку і саломапляценне, а таксама нават дакрануцца да старадаўніх прылад працы — верацяна і калаўрота. На выставе прадстаўлены рушнікі і абрус, вышыўка і габелен, гліняны посуд, вырабы з лазы, кветкі з саломы і іншыя рэчы ручной работы. А пах дамашняга хлеба дапаможа вам адчуць сябе дома, у гасцях у бабулі ці матулі.
Памятайце, хараство беларускай жанчыны — у яе руках, у яе сэрцы, у яе душы, ва ўменні ствараць, берагчы і перадаваць традыцыі з пакалення ў пакаленне, рабіць гэты свет добрым і ўтульным.
Убедитесь, что вы вводите всю необходимую информацию, указанную звездочкой (*). HTML код не допускается.