Автор: Радзько Нэлі
Издание: Новополоцк сегодня. – 2024. – 3 мая. – С. 16. – (PRO-культура).
У бібліятэцы імя У.Караткевіча на мінулым тыдні гучала мілагучная родная мова. На сустрэчу з наваполацкай пісьменніцай, бардам Інай Мароз (Саламаха) “Аўтограф на памяць” завіталі вучні 9 “Б” класа СШ №12.
Знаёмства пачалося з прагляду альбома-прэзентацыі творчага жыцця паэтэсы. Іна Васільеўна з’яўляецца актыўнай удзельніцай літаратурна-музычнага калектыву “Крылы”, а з 2021 года – членам грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Яна пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, аўтар двух паэтычных зборнікаў “Перапляценні” і “Лістаслоўе”.
З першых хвілін сустрэчы Іна Мароз захапіла юных гасцей артыстычнасцю і харызмай. Праз свае вершы і песні звярнулася да вытокаў беларускай культуры, глыбіні матчынага слова, таямнічасці кахання.
