У дзень адкрыцця Тыдня бацькоўскай любові ў Беларусі і святкавання Дня матулі, 14 кастрычніка ў зале мастацтваў цэнтральнай бібліятэкі імя У.Маякоўскага народны літаратурна-музычны калектыў «Крылы» ладзіў канцэрт-падарунак «Святы абавязак – бацькамі быць!».
Кіраўнік калектыву Галіна Сташкевіч пазнаёміла з гісторыяй узнікнення Дня маці і Дня бацькі. Адзначыла, што Тыдзень бацькоўскай любові – дзяржаўная палітыка дзеля замацавання сямейнага выхавання насельніцтва. На працягу канцэрта прагучалі яе асабістыя творы пра маці і бацьку.
Да канцэрта была падрыхтавана кніжная выстава і зроблены агляд літаратуры. Святочны настрой стварыла Валянціна Пакрапіўная. Сапраўдным музычным падарункам сталі яе аўтарскія мініяцюры, звернутыя да бацькоў, якія прагучалі на фартэпіяна. Ганна Аляскерава і Наталля Арцёменка прачыталі духоўныя вершы пра праваслаўнае свята Покрыва Найсвяцейшай Богамацеры.
Бацькоўскаму дому, мацярынскаму подзвігу, бацькам-абаронцам Радзімы, бесклапотнаму дзяцінству былі прысвечаны разнастайныя вершы і песні, якія выконвалі Ірына Вашчанка, Сяргей Гоманаў, Ірына Жалейка, Міхаіл Зудзілаў, Яўгенія Курачова, Вера Урбан, Андрэй Шнітко.
На завяршэнне канцэрта ў выкананні Міхаіла Зудзілава прагучала песня «Письмо матери», напісаная на верш Сяргея Ясеніна. Гэты верш па аўтарытэтнаму меркаванню ЮНЭСКА лічыцца лепшым творам пра маці.
Больш падрабязна пра гэта мерапрыемства на старонцы літаратурна-музычнага аб’яднання «Крылы» (Facebook).